Перейти до вмісту

Стратэгія 2020—2022

Матеріал з Вікімедіа Україна
Ця сторінка є перекладом сторінки Стратегія 2020—2022. Переклад виконано на 100%.

Стратэгічны план грамадскай арганізацыі «Вікімедыя Украіна» (далей — Арганізацыі) на 2020—2022 гады ўключае ў сябе нашу місію, бачанне і каштоўнасці, а таксама агляд унутраных змен у Арганізацыі і знешніх чыннікаў, якія ўплываюць на нашу дзейнасць. Таксама вызначаны асноўныя напрамкі дзейнасці, цэлі і падцэлі па кожным напрамку, карта рызык.

Місія, бачанне і каштоўнасці

Місія

Спрыяць рэалізацыі права чалавека на карыстанне агульнай спадчынай чалавецтва праз падтрымку ініцыятыў па генераванні, развіцці, пашырэнні і папулярызацыі вольных ведаў.

Бачанне

Свет, дзе ўсе маюць доступ да ведаў сваёй роднай мовай, і могуць граматна імі карыстацца.

Доўгатэрміновая візія Арганізацыі

ГА «Вікімедыя Украіна» зьяўляецца лідэрам масавага, разнастайнага і пазнавальнага валанцёрскага руху за вольныя веды. Падтрымлівае іхняе генераванне, папулярызацыю і адкрыты доступ да іх. Спрыяе пашырэнню кантэнту на ўкраінскай і іншых мовах, асабліва на мовах этнічных груп, якія традыцыйна пражываюць на землях Украіны, а таксама актыўнаму і якаснаму развіццю здольнасцей вікісупольнасці.

Каштоўнасці

  • Вольныя веды. Мы ствараем умовы для генеравання і пашырэння вольных ведаў і адкрытага доступу да іх.
  • Якасць. Для нас важна якасць нашай работы, і мы імкнемся да пастаяннага ўдасканалення.
  • Адкрытасць. Мы прымаем рашэнні празрыста і адкрыта і імкнемся быць настолькі публічнымі, наколькі гэта магчыма.
  • Валанцёрства. Мы — насамперад аб’яднанне валанцёраў.
  • Незалежнасць. Мы незалежныя ад палітычных сіл і камерцыйных інтарэсаў.
  • Супраца. Супрацоўніцтва, пабудаванае на прынцыпах роўнасці і ўзаемадапамогі, з’яўляецца нашым стрыжнем.
  • Разнастайнасць. Мы падтрымліваем справядлівасць ведаў і адкрыты для любога, хто падзяляе нашы каштоўнасці.

Унутраныя змены

Вікімедыя Украіна існуе з 2009 года. Да 2014 года ўсе праекты выконваліся толькі валанцёрамі, а з 2014 года ўпершыню да праграмнай дзейнасці пачалі залучацца работнікі і падрадчыкі. З 2016 года памяншаецца роля Праўлення ў аперацыйным кіраванні і адбываецца пераход да стратэгічнага кіравання. З 2018 года пачаліся істотныя ўдасканаленні ў фінансавым менеджменце Арганізацыі. З 2019 года — змены ў арганізацыі мерапрыемстваў, больш сістэмны падыход да адвакацыі, камунікацыі і кіравання праектамі.

У 2019 годзе мы ўпершыню распрацавалі стратэгію Арганізацыі, каб лепш прыарытэзаваць нашу дзейнасць і выбіраць, якія праекты мы ажыццяўляем, а якія — не.

Знешняе асяроддзе

«Вікімедыя Украіна» залежыць ад знешняга асяроддзя — свету, што хутка мяняецца і развіваецца, і месцы ў ім Украіны. На нашу дзейнасць уплываюць разнастайныя чыннікі:

  • Сацыяльныя. Наша дзейнасць залежыць ад сацыяльнай сітуацыі ва Украіне: узроўню развіцця грамадскай думкі і СМІ, стану свабоды слова, культуры валанцёрства і фандрэйзінгу ва Украіне.
  • Палітычныя. На нас уплывае палітычны клімат ва Украіне, ад якога залежыць магчымасць заканадаўцаў, палітычнага кіраўніцтва краіны і лідэраў меркаванняў удзяліць дастатковую ўвагу тым пытанням, за якія мы борамся.
  • Заканадаўчыя. Наша дзейнасць засноўваецца на заканадаўстве Украіны: законах Украіны і прынятых нашай краінай міжнародных дагавораў; змены ў заканадаўства могуць у значнай ступені ўплываць на нас.
  • Тэхналагічныя. «Вікімедыя Украіна» працуе ва ўмовах імклівага тэхналагічнага развіцця — пашырэнне інтэрнэту, развіццё штучнага інтэлекту, усё больш шырокае выкарыстанне вялікіх даных, паяўленне і пашырэнне новых мадэляў медыяспажывання.
  • Эканамічныя. Наша развіццё залежыць ад эканамічнага становішча Украіны і агульнай эканамічнай сітуацыі ў свеце, у прыватнасці, ад магчымасці і жадання ахвяравальнікаў падтрымліваць развіццё вольных ведаў.
  • Экалагічныя. Арганізацыя існуе ва ўмовах усё большай важнасці пытанняў змены клімату і аховы навакольнага асяроддзя.

«Вікімедыя Украіна» з’яўляецца часткай міжнароднага вікімедыйнага руху, таму залежыць ад знешняга асяроддзя ў глабальным маштабе: эканамічныя, тэхналагічныя, сацыяльныя і іншыя змены, якія закранаюць праекты Вікімедыя, будуць уплываць і на нас. Акрамя таго, мы залежым ад палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў Злучаных Штатах Амерыкі як краіны, дзе дзейнічае Фонд Вікімедыя — арганізацыя, якая падтрымлівае тэхнічную інфраструктуру праектаў Вікімедыя і размяркоўвае фінансаванне, ад якога залежыць «Вікімедыя Украіна».

Стратэгічныя напрамкі і цэлі

Праграмная дзейнасць «Вікімедыя Украіна» дзеліцца на пяць напрамкаў: 1) узбагачэнне кантэнту; 2) павышэнне ўдзелу; 3) падтрымка і развіццё супольнасці праектаў Вікімедыя; 4) дасведчанасць пра Вікімедыя; 5) адвакацыя.

Узбагачэнне кантэнту

Ключавым спосабам ажыццяўлення генеравання і развіцця вольных ведаў, што ёсць часткай нашай місіі, з’яўляецца падтрымка пачынанняў па ўзбагачэнні кантэнту праектаў Вікімедыя. Гэты напрамак быў неад’емнай часткай праграмнай дзейнасці Арганізацыі ў той ці іншай форме на працягу большасці яе гісторыі.

Зараз Арганізацыі важна працаваць дзеля вызначэння канкрэтных прабелаў у змесце праектаў Вікімедыя і стымулявання іхняго закрыцця, а таксама звяртаць больш увагі на якасць кантэнту (якасць артыкулаў, рэлевантнасць медыяфайлаў і г. д.).

Цэль 1. Пашырэнне, павышэнне разнастайнасці і якасці зместу Вікіпедыі і сястрынскіх вікіпраектаў
Падцэль 1. Запаўненне прабелаў тэкставага кантэнту
  • Арганізацыя работы па заліўцы крыніц пад вольнымі ліцэнзіямі
  • Арганізацыя даследаванняў па выяўленні прабелаў у Вікіпедыі і праца з валанцёрамі і валанцёркамі па іхняму закрыцці
  • Паляпшэнне зместу, звязанага з мясцовым (лакальным) кантэкстам
  • Залучэнне кантэнту да сястрынскіх вікіпраектаў, у прыватнасці, аблічбоўка для Вікікрыніц
Падцэль 2. Павышэнне якасці кантэнту
  • Арганізацыя мэтавага паляпшэння ключавых артыкулаў[1]
  • Паляпшэнне доступу да інфармацыі: упарадкаванне, структураванне, катэгарызацыя ўжо наяўнай інфармацыі (у прыватнасці, Вікісховішча, Вікіданыя)
  • Арганізацыя экспертнага ацэньвання якасці артыкулаў
Падцэль 3. Залучэнне медыякантэнту
  • Арганізацыя даследаванняў па выяўленні прабелаў украінскага кантэнту Вікісховішча і работа з валанцёрамі і валанцёркамі па іхняму закрыцці
  • Правядзенне конкурсаў для збору фатаграфій і іншых медыя
  • Работа з інстытуцыямі і спецыялістамі па прыцягненню тэматычнага медыякантэнту

Павышэнне ўдзелу

Работа па павышэнні ўдзелу ў праектах Вікімедыя з’яўляецца адной з ключавых задач «Вікімедыя Украіна». Вікіпраекты існуюць дзякуючы супольнасці валянтэраў, і пашырэнне гэтай супольнасьці аказвае станоўчы ўплыў на развіццё вікіпраектаў, а такім чынам і на распаўсюд вольных ведаў. Для гэтага Арганізацыя працуе над падтрымкай навічкоў і залучэннем да супольнасці ўдзельнікаў Вікіпедыі і вікіпраектаў, а таксама над павышэннем разнастайнасці вікісупольнасці.

Мы імкнемся цесней інтэграваць работу з Вікіпедыяй у адукацыйны працэс, выкарыстоўваць сучасныя анлайн-тэхналогіі для залучэння новых людзей і стымулявання ўдзелу спецыялістаў у рабоце над праектамі Вікімедыя.

Цэль 2. Павелічэнне колькасці актыўных валанцёраў і валанцёрак ва ўсіх сферах вікімедыйнай дзейнасці
Падцэль 1. Прыцягненне новых удзельнікаў і ўдзельніц да праектаў Вікімедыя
  • Арганізацыя афлайнавых трэнінгаў для залучэння новых удзельнікаў і ўдзельніц да Вікіпедыі і сястрынскіх праектаў
  • Выкарыстанне сучасных анлайн-тэхналогій для навучання шырокай грамадскасці рэдагаванню Вікіпедыі
  • Інтэграцыя чытання і рэдагавання Вікіпедыі ў адукацыйны працэс
Падцэль 2. Павышэнне разнастайнасці супольнасці удзельнікаў
  • Супраца з дзяржаўнымі, навуковымі, культурнымі, адукацыйнымі ўстановамі для павелічэння ўдзелу спецыялістаў у рэдагаванні Вікіпедыі
  • Ідэнтыфікацыя недапрадстаўленых груп карыстальнікаў і мэтавыя захады з мэтай прыцягнення іх у рэдагаванне Вікіпедыі
  • Падтрымка развіцця супольнасцяў сястрынскіх праектаў і праектаў на мовах этнічных груп, што традыцыйна пражываюць на землях Украіны

Падтрымка і развіццё супольнасці праектаў Вікімедыя

Праекты Вікімедыя напаўняюцца і падтрымліваюцца самаарганізаванай супольнасьцю валанцёраў, аднак для гэтай суполкі карысная арганізацыйная падтрымка, якую можа даць «Вікімедыя Украіна». Гэты напрамак даўно з'яўляецца часткай праграмнай дзейнасці Арганізацыі, і мы будзем працягваць выкарыстоўваць напрацаваныя шляхі работы з вікісупольнасцю.

Разам з тым, мы імкнемся зрабіць дадатковы акцэнт на развіцці тэхнічных навыкаў супольнасці, каб пазбегнуць «вузкіх месцаў»: сітуацыі, калі навыкі некалькіх чалавек з’яўляюцца вырашальнымі для якасці і своечасовасці выканання праекта. Акрамя таго, мы плануем надаваць больш увагі ініцыятывам, накіраваным на матываванне ўдзельнікаў, і палепшыць камунікацыю аб дзейнасці Арганізацыі з вікісупольнасцю.

Цэль 3. Матываваная, праінфармаваная, актыўная, адказная, навучаная супольнасць, якая эфектыўна і зладжана дзейнічае дзеля пашырэння і папулярызацыі вольных ведаў
Падцэль 1. Навучанне для членаў супольнасці
  • Арганізацыя трэнінгаў па асобных навыках (шаблоны, файлы, ментарства і т. п.)
  • Правядзенне захадаў па абмене вопытам паміж удзельнікамі
  • Арганізацыя хакатонаў, іншых захадаў па развіцці тэхнічных ведаў па праектах Вікімедыя
  • Падтрымка ўдзелу прадстаўнікоў і прадстаўніц супольнасці ў міжнародных вікімедыйных захдах абмену вопытам і атрымання навыкаў
Падцэль 2. Павышэнне матывацыі і праінфармаванасці супольнасці
  • Падтрымка ініцыятыў супольнасці па ўзнагароджанні і матываванні ўдзельнікаў (віртуальныя або фізічныя адзнак, падтрымка пачаткоўцаў)
  • Удасканаленне камунікацыі, інфармаванне і папулярызацыя дзейнасці Арганізацыі ў супольнасці Вікіпедыі і сястрынскіх праектаў.

Дасведчанасць пра Вікімедыя

Эфектыўнае пашырэнне і папулярызацыя вольных ведаў магчымы толькі пры наяўнасці шырокай публічнай дасведчанасці аб праектах Вікімедыя і прынцыпах іхняй работы. Папулярызацыя Вікіпедыі, вікіпраектаў і вольных ведаў заўсёды была сярод задач, якія выконвала Арганізацыя.

Мы хочам раздзяліць работу па дасведчанасці аб праектах Вікімедыя і вольных ліцэнзіях і работу па адвакацыі. Таксама нашай мэтай з’яўляецца распрацоўка камунікацыйнай стратэгіі Арганізацыі, пабудаванай на гэтым стратэгічным плане.

Цэль 4. Павялічваць дасведчанасць пра Вікімедыя Украіна, праекты Фонду Вікімедыя і вольныя ліцэнзіі
Падцэль 1. Медыяпадтрымка і прасоўванне Вікіпедыі і праектаў Вікімедыя
  • Распрацоўка камунікацыйнай стратэгіі Арганізацыі
  • Пашырэнне інфармацыі аб дзейнасці Арганізацыі, праектах Фонду Вікімедыя і вольных ліцэнзій шляхам пашырэння прэс-рэлізаў, публікацый у сацыяльных сетках і блогах
  • Арганізацыя прамацыйных мерапрыемстваў (прэс-сняданкаў, прэс-канферэнцый, лекцый і г. д.)
Падцэль 2. Работа з чытачамі і чытачкамі і шырокім колам для павышэння дасведчанасці
  • Супраца з нацыянальнымі і міжнароднымі партнёрамі ў галіне вольных ведаў
  • Правядзенне апытанняў чытачоў і мэтавых аўдыторый
  • Падрыхтоўка матэрыялаў пра Вікіпедыю, праекты Вікімедыя і вольныя ліцэнзіі, удзел у захадах па павышэнні дасведчанасці аб іх

Адвакацыя

Адной з цэлей «Вікімедыя Украіна» з’яўляецца адвакацыя зменаў, неабходных для развіцця вольных ведаў, на дзяржаўным узроўні. У гэтым кірунку зараз мы працуем амаль выключна над «свабодай панарамы», і наяўнасць ва Украіне «свабоды панарамы» з’яўляецца асноўнай цэллю Арганізацыі ў кантэксце адвакацыі на наступныя тры гады.

У той самы час мы таксама павінны працаваць над адвакацыяй іншых зменаў у заканадаўстве, якія прыносяць карысць развіццю свабодных ведаў. Адвакацыя раней не была асобным напрамкам дзейнасці Арганізацыі, але абмеркаванні паказалі, што яе дарэчы вылучыць асобным напрамкам.

Вылучэнне гэтага асобнага напрамку таксама будзе акцэнтаваць увагу на неабходнасці развіцця адвакацыйнай здольнасці Арганізацыі і валанцёрскай супольнасці, а таксама наладжванне кантактаў з патэнцыйнымі партнёрамі ў адвакацыі пазітыўных змен вольных ведаў ва Украіне.

Цэль 5. Украіна мае «свабоду панарамы»

Інстытуцыйнае развіццё

Ажыццяўленне стратэгічнага плана немагчымае таксама без далейшых змяненняў у Арганізацыі. Гэтыя змены ўмоўна падзелены на тры вялікія блокі: стратэгічны, аперацыйны і фінансавы. Арганізацыі трэба працаваць над удасканаленнем камунікацыі Арганізацыі, а таксама шукаць шляхі для стабільнага фінансавання.

Стратэгічны менеджмент

  • Праўленне адказвае за стратэгічныя рашэнні, не аперацыйныя
  • Прагляд стратэгічнага плана, рызык адбываецца рэгулярна: раз у год
  • У 2022 годзе праведзена абмеркаванне стратэгічнага плана на наступныя тры гады

Аперацыйны менеджмент

  • У 2020 годзе ёсць асобны чалавек, які адказвае за камунікацыю Арганізацыі
  • Распрацавана і ўкараняецца камунікацыйная стратэгія Арганізацыі
  • У 2022 годзе ёсць асобны чалавек, які адказвае за фандрэйзінг Арганізацыі
  • Распрацаваны і ўкараняецца фандрэйзінгавы план Арганізацыі

Фінансавы менеджмент

  • Забяспечана своечасовае прадстаўленне інфармацыі Праўленню пра астаткі і патэнцыйныя адхіленні ад запланаванага бюджэту

Карта рызык

Карта рызык дае ўяўленне аб рызыках рознага ўзроўню (стратэгічных і аперацыйных), якія могуць уплываць на Арганізацыю і яе дзейнасць. Гэтыя рызыкі і шляхі іхняй мінімізацыі павінны рэгулярна пераглядацца Праўленнем.

Стратэгічныя рызыкі

Малаўплывовыя, малаверагодныя Уплывовыя, малаверагодныя Уплывовыя, верагодныя Малаўплывовыя, верагодныя
Няздольнасць арганізацыі адаптавацца да істотных змен у знешнім асяроддзі Маштабная эскалацыя ваенных дзеянняў або масавыя беспарадкі на вуліцах Кіева Адсутнасць сталага фінансавання
Увядзенне ваеннага стану Прыняцце заканадаўства, якое істотна абмяжоўвае дзейнасць грамадскіх арганізацый
Прыход да ўлады недэмакратычных сіл Істотнае зніжэнне культуры валанцёрства ва Украіне
Калапс фінансавай (банкаўскай) сістэмы Неўспрыманне вікісупольнасцю дзейнасці Арганізацыі
Рэпрэсіўныя захады супраць арганізацыі з боку органаў улады
Рэйдэрскі захоп Арганізацыі
Страта Вікіпедыяй і вікіпраектамі рэлевантнасці

Аперацыйныя рызыкі

Малаўплывовыя, малаверагодныя Уплывовыя, малаверагодныя Уплывовыя, верагодныя Малаўплывовыя, верагодныя
Перарастанне працаўнікамі і падрадчыкамі сваёй ролі ў Арганізацыі Негатоўнасць працаўнікоў, падрадчыкаў і валанцёраў Арганізацыі, а таксама яе сталых практык, да дынамікі яе зрастання Затрымка, істотнае памяншэнне або страта фінансавання ад Фонду Вікімедыя Неразвітасць унутранага маніторынгу і ацэнкі ў Арганізацыі
Слабы механізм аператыўнага рэагавання на вонкавыя падзеі Страта канфідэнцыйнай інфармацыі
Раптоўны адток ключавых для дзейнасці Арганізацыі працаўнікоў, падрадчыкаў ці/і валанцёраў

Заўвагі

  1. Маюцца на ўвазе артыкулы, ключавыя для разумення пэўнай тэматыкі. Гэта можа быць вызначана рознымі спосабамі (напрыклад, фармаваннем спісу артыкулаў, што абавязкова маюць быць па пэўнай тэме, як было тут Вікіпедія:Проект:1000+500+ ці шаблонамі ацэнак артыкулаў: Вікіпедія:Проект:Біологія/Оцінки і г. д.). Для працы над гэтай цэллю трэба будзе спярша вызначыць «ключавыя» артыкулы

Гл. таксама